Вы бачыце будынак былога Сялянскага пазямельнага банку. І менавіта тут, у будынку, які сёння без апазнавальных сімвалаў, а толькі з надпісам «Чэбурэчная», на трэцім паверсе ў арандаваным памяшканні, рада БНР у ноч на 25 сакавіка 1918 года падпісала 3-ю ўстаўную грамату і такім чынам абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У Беларускі Народны Сакратарыят уваходзіла і Палута Бадунова. Яна атрымала пасаду народнага сакратара сацыяльнай апекі, што раўназначна пасадзе міністра. І таму яе подпіс разам з подпісамі астатніх народных сакратароў стаіць пад галоўнымі дакументамі, у тым ліку і 25 сакавіка 1918 года. І таму беларусы, ці не адзіныя з усіх краін, якія могуць ганарыцца тым, што жаночы подпіс стаіць на акце аб Незалежнасці краіны. Палута Бадунова — гэта палітык, якая зрабіла сябе сама. Пасля працы ў вясковай школе, як яна казала сама, атрымала моцную прышчэпку народніцтва і з-за гэтага лічыла народ галоўным перад усім. Яна не ведала беларускай мовы, але гэта не перашкаджала ёй біцца за самастойнасць Беларусі і не раз яна даказвала пра неабходнасць самавызначэння. А пасля сама дайшла да таго, каб вывучыць родную мову. Яна ўдзельнічала ў палітыцы не з-за сваякоў ці каханка, такіх гісторый у сусветнай гісторыі досыць. Не, Палута мела ўласныя палітычныя амбіцыі, яе палітычныя погляды былі сфармаваныя ёй самой і яна ад іх не адступала. Таму менавіта яе Вацлаў Ластоўскі запрашаў на Версальскую канферэнцыю. То бок ёй давяралі ў справе вызначэння лёса Беларусі пасля першай сусветнай. Палута Бадунова была сапраўдным палітычным лідарам. А галоўнымі каштоўнасцямі для яе былі: Незалежнасць Беларусі, нацыянальнае самавызначэнне і дэмакратыя. На жаль, усё пайшло іншым шляхам. Перажыўшы шмат расчараванняў, здрад і хвароб, якія пахіснулі ў тым ліку і псіхалагічны стан, Палута вярнулася да пачатку: у Гомель на папячэнне брата. Але час быў ужо іншы. У верасні 1937 года яе арыштавалі і прывезлі ў Менск, у сумнавядомую «амерыканку». Праз «амерыканку» прайшло шмат беларускіх дзеячоў. Асобная рада НКУС БССР вынесла ёй смяротны прысуд. Месца захавання невядома.
Tour guide