Беларуская хатка, Зоська Верас, Багдановіч, літаратура

Здавалася б, непрыкметны будынак, хаця наўкол ёсць больш выбітныя. Але не спяшайцеся рабіць высновы. Як і шмат што ў нашым горадзе, гэты будынак на першы погляд падаецца звычайным, але варта толькі зазірнуць у яго таямніцы… Калі б на гэтым доме размесціць шыльды з прозвішчамі выбітных беларусаў, якія тут бывалі, баюся, на фасаднай сцяне проста не хопіць месца. Справа ў тым, што па адрасе Захар’еўская, 18, амаль сто год таму, з лета 1916 і па май 1917 гг. тут месцілася культавая ўстанова — «Беларуская хатка». Тут беларускай інтэлігенцыяй абмяркоўвалася і стваралася культурнае жыццё Беларусі, адбываліся дэбаты і нават нараджаліся раманы. Шмат выбітных мужчын і жанчын бачылі гэтыя сцены, гэта месца, у якім з Менскам развітаўся Максім Багдановіч, але гэта зусім іншая гісторыя. Гэтым разам я б хацела распавесці пра тую, якая пражыла амаль век і ўсё сваё жыццё прысвяціла Беларусі. У тым ліку ад яе мы ведаем пра тое, якое жыццё ішло ў "Беларускай хатцы". Я кажу пра Людвіку Сівіцкую, больш вядомую як Зоська Верас. Кажуць, яна была і ёсць увасабленнем беларускай гісторыі, прынамсі, 20 стагоддзя. Паглядзіце на першы фотаздымак, на гэтыя вочы, поўныя ўпэўненасці. Такой яе бачыла «Беларуская хатка». Такую ж упэўненасць у тым, што «Фальш шкодзіць гісторыі», сваю любімую прымаўку, яна пранесла праз усё сваё жыццё. І менавіта таму пісала лісты, у якіх дакументавала падзеі беларускага жыцця, сведкамі якіх была сама. Людвіка заўжды была ў віры падзей. Так яна была сакратаром Першага Усебеларускага з’езду і захавала для нашчадкаў пратакол, напісаны сваёй жа рукой, нягледзячы на ўсе рызыкі гэтага. І мала таго, яшчэ і змагла яго раздрукаваць. Гэта ў тыя часы, калі ўсе машынкі былі на ўліку, а падзеі, звязаныя з беларускім нацыянальным рухам лічыліся крамольнымі! Яна мела абсалютны «моўны» слых, калі можна так сказаць. Толькі ўявіце: яе беларуска-польска-лацінска-рускі слоўнік, якому, як кажуць мовазнаўцы, па сённяшні дзень няма роўні, уручную(!) перапісаў Уладзімір Караткевіч. Увогуле яна аб’ядноўвала годных беларусаў вакол сябе, у тым ліку і тых, якія прайшлі сталінскія лагеры. Неверагодна, але яна захоўвала ясны розум нават на дзясятым дзясятку жыцця. Яе біёграф, пераправяраючы больш за 6 тысяч лістоў, не знайшоў ніводнай памылкі ў падзеях сямідзесяцігадовай даўніны! Яна была строгая да сябе, але і іншым памылак яна таксама не даравала. І пры гэтым пры жыцці яе выдалі ўсяго толькі адну кніжку «Каласкі» на 46 старонак. Зоська Верас дажыла да абвяшчэння Беларуссю незалежнасці і неўзабаве пасля гэтага адышла ў іншы свет ва ўзросце 99 гадоў. «Я зрабіла для Беларусі ўсё, што магла, цяпер ваш чарод». І мы можам хаця б добрым словам узгадаць усіх тых, хто быў перад намі, падзякаваць за такі вялікі шлях, пратаптаны да нас і працягнуць ісці наперад. А яшчэ адна выбітная жанчына доўгі час жыла на другім паверсе суседняга дома, злева ад нас. Дарэчы, кнігі ўспамінаў Зоські Верас называюцца «Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты», «Я помню ўсё: успаміны, лісты» і прачытаць апошнюю можна вось тут: https://knihi.com/Michas_Skobla/Zoska_Vieras_Ja_pomniu_usio.html#

Contributor

 

More stories about this location