КДБ, Ларыса Геніюш,

Будынак КДБ выдзяляецца нават на параднай частцы праспекта Незалежнасці. Менавіта яго пачалі першым рабіць у яшчэ зруйнаваным пасляваенным Менску. І амаль кожны беларус ведае, што ва ўнутранай частцы ёсць асобная вялікая прастора так званай «амерыканкі», а менавіта ўнутранай турмы спачатку НКУСа, а зараз КДБ. Гэты будынак круглай, як рулетка формы, як бачна на здымках са спадарожніка. А таксама ёсць багата ўспамінаў ад тых небаракаў, якія на ўласныя вочы пабачылі яго. Адной з іх аказалася Ларыса Геніюш, «сумленне Беларусі». «Кіп смайлінг» (давайце ўсміхацца), паўтарала яна сабе ў найцяжэйшыя хвіліны жыцця. А іх, на жаль, было нямала. Яна апісала гэты перыяд свайго жыцця ў кнізе «Споведзь», без правак, адразу надрукаванай, як быццам бы адным выдыхам. «Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т.зв. “амэрыканкі”… Нас раздзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амерыцы, як мне пасьля сказлі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі і муках прызнавала тут сутнасць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол…Увесь Менск разбілі бязлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, дзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні (то бок Дзяды і Радуніцу)». Амаль год прасядзела яна ў гэтай вязьніцы па цалкам сфабрыкаванай справе. Уся яе «віна» трымалася на адным падробленым лісце. Але гэтага хапіла, бо насамрэч ад яе патрабавалі архіў БНР, і нават асабіста Лаўрэнцій Цанава дапытваў і паграджаў. Вера трымала Ларысу. Падчас адной з малітваў да яе прыйшло разуменне, што адзінае, што існуе, гэта Радзіма. «Быў бой за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я не ведала, што йсці на смерць за Радзіму не страшна, а лёгка, весела, амаль сьвяточна». Пры ёй былі яе сэрца і праўда. Следства не рухалася, Ларысу перавялі ў іншую камеру, «на акно якой прылятае птушачка», пасля — у падвал. Прыродны розум і жаночая інтуіцыя падказалі Ларысе Геніюш адзіны правільны шлях паводзін у савецкай турме: не вер, не бойся і не прасі. Яна не ведала гэтага зэкаўскага выразу, але інтуітыўна да яго прыйшла ў «амерыканцы». Гэта дапамагло ёй выстаяць. Калі ты не баішся, ніхто нічога не можа табе зрабіць, гучыць між радкамі яе «Споведзі». Яе ўласны рэцэпт, як захаваць сябе чалавекам у нечалавечых умовах, быў такі: слухацца голасу свайго сэрца. Яно падказвала заўсёды непамыльную тактыку. Дапамагалі выстаяць таксама гумар і, як ні дзіўна, годнасць, адчуванне сваёй маральнай перавагі. Гэта дазволіла пратрымацца доўгія 8 год зняволення ў лагерах з прысуджаных 25-ці. Яе вершы зняволеныя называлі «глюкозай» і таксама трымаліся дзякуючы ім. Не здарма там шмат хто называў гэтую мужную жанчыну «мама», а яна зрабіла ўсё для таго, каб аб’яднаць беларусаў у сям’ю. Геніюшам не дазволілі выехаць за межы СССР пасля вызвалення, а яна так і засталася грамадзянкай БНР. Дом у Зэльве стаў магнітам і для творчай моладзі Беларусі, як і постаць Ларысы. Пачытаць «Споведзь» можна тут: https://kamunikat.org/?pubid=13530

Contributor

 

More stories about this location