Шмат мужных сыноў і дачок прайшлі праз сцены Пішчалаўскага замка. Ужо даўно існуе ідэя перарабіць гэты будынак у музей, паколькі шмат знакамітых асобаў бачыў гэты астрог. Паўстанцы 1830-31, Якуб Колас, Юзэф Пілсудскі, Карусь Каганец, Алесь Гарун. У сутарэнні замка ў 1930-я гг месцілася ўнутраная турма ГПУ, літаратары, навукоўцы, палітыкі…Тут жа трымалі паўстанцаў 1863-1864гг, сярод якіх былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і яго дачка Каміла. Асоба Камілы Марцінкевіч сярод усіх пералічаных ці не самая забытая, а дарма. Бо яна адна з самых яскравых постацяў Менска ўвогуле, яго сімвал і муза. Таленавітая піяністка, на далейшае навучанне якой не хапіла грошай, настаўніца і гарачая патрыётка. Яна збірала ў сваім доме членаў мінскай арганізацыі Літоўскага правінцыйнага камітэту, якія рыхтавалі вызваленчае паўстанне. Падтрымлівала не словам, а справай рэвалюцыйныя на той момант ідэі незалежнасці і волі. Яна ж была акторкай у тэатральнай трупе бацькі і сыграла ролю ў першай беларускай оперы «Сялянка», якую, дарэчы, забаранілі пасля першага ж паказу. Яна ўдзельнічала ў вулічных дэманстрацыях, спявала рэвалюцыйныя гімны і вучыла ім чальцоў нелегальных гурткоў, дабілася арганізацыі харчавання асуджаных польскіх рэвалюцыянераў, якіх праз Менск везлі ў Сібір. За тое, што адкрыта выступала супраць генерал-губернатара Менска і ўдзельнічала ў антырасійскіх маніфестацыях, была нават размешчана ў псіхіятрычную лякарню-вар’ятню — і гараджане пачалі несці пад сцены кветкі і пратэставаць супраць зняволення менскай музы. Камілу хуткім часам вызвалілі. «Девіцу Марцінкевічову» баяліся з-за таго маральнага ўплыву, які яна аказвала на гараджан. Так, у знак пратэсту супраць катавання паўстанцаў у Варшаве, яна апранула жалобу — і за ёй усе жанчыны горада сталі насіць чорнае. Уявіце сабе абстановачку ў Менску і ўзровень маральнага ціску. Праз некалькі год расейскі салдат данёс, што Каміла звярнулася да яго з просьбай прадаць зброю. Камілу зноў арыштавалі 3 лютага 1863 года і тады ж размесцілі ў Пішчалаўскім астрозе, а пасля ў былым кляштары бернардзінцаў на плошчы Свабоды. І нават будучы ў няволі, яна працягвала падтрымліваць маральны дух, не толькі свой, але і людзей наўкол. Так у жніўні 1863 яна нейкім чынам умудрылася кінуць пад ногі паўстанцу Жмачынскаму, якога вялі на пакаранне, букецік кветак. Уявіце сабе настрой гараджан пасля гэтага! Улады Камілу баяліся. Таму пакаранне было суровым — высылка 25-гадовай дзяўчыны ў Салікамск. На Радзіму Каміле дазволілі вярнуцца толькі праз дваццаць год, ужо цяжка хворай, дзе з надыходам новага стагоддзя яна адышла ў вечны спакой у Вільні. Ці ведала Каміла Марцінкевіч, што ўсё не дарма і гэтыя выпрабаванні вартыя будучыні? Канешне, не. Але ў тым ліку, дзякуючы ёй, беларусы наблізіліся да той чаканай Незалежнасці. Абвешчана яна была тут, зусім побач. І не без жаночага ўдзелу.
Tour guide