Жыццё Ядвігі Кастравіцкай прыпала на мяжу 19-20 стагоддзяў і, нягледзячы на тое, што ў тыя часы правы жанчын не вельмі і абмяркоўваліся, яна наўпрост сваім жыццём паказвала цудоўны прыклад самарэалізацыі. Да шлюбу яе прозвішча было Вайніловіч і замуж яна выйшла не па вялікаму каханню, а па разліку: так шляхта захоўвала маёнткі і зямлю. Па плётках, з мужам сваім як жонка не жыла, а ўвесь патэнцыял накіравала на разгортванне сваёй справы. Пасля першай рэвалюцыі падтрымлівала развіццё адукацыі, адкрыла тайныя летнія школкі ў маёнтку свайго брата, дзе дзяцей бедных сялян вучылі рэлігіі, польскай, рускай і беларускай мовам. Актыўна падтрымлівала Менскае таварыства дабрачыннасці і арганізавала для іх шмат мерапрыемстваў. Але галоўнае, чым займалася Ядвіга — пабудова даходных дамоў, якія прыносілі ёй прыбытак. Так незадоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў пабудаваны і дом №24. Паглядзіце на фотаздымак, вы якраз падышлі да месца, дзе ён стаяў. Лёгка казаць з вышыні гісторыі, што гэта быў не лепшы час для будоўлі. У 1919 годзе Кастравіцкая была арыштаваная і абкладзена так званым «Рэвалюцыйным падаткам». Усяго з Менска патрабавалі 200 мільёнаў рублёў (цікава, што за 1,5 месяцы ўваходу бальшавікоў у Менск, гэтая сума на была ў 7 разоў меншая). Далей пастанавілі выплаціць гэтыя грошы «абраным», то бок плацёжаздольным жыхарам. А калі гэтыя людзі не выплочвалі па розных прычынах, то іх бралі ў закладнікі. Так было і з Ядвігай, на якую «павесілі» ажно мільён рублёў. У перакладзе на сённяшнія грошы гэта проста гіганцкая сума. Напэўна бальшавікі самі гэта зразумелі — і знізілі суму ажно ў 40 разоў да 25 тысяч рублёў, што ўсё роўна зашмат. Неверагодна, але Кастравіцкай далі магчымасць выехаць за мяжу, дзе яна сустрэлася з братам. Дом жа, які страціў сваю гаспадыню, працягнуў стаяць на месцы, але належаў ужо савецкай уладзе. Прастаяў скрозь дзве сусветныя вайны і … Яго ўзарвалі падчас «адлігі» ў 1960-я гады. Пра надзейнасць будоўлі сведчыць тое, што выбухоўка зрабіла сваю цёмную справу толькі з пятага разу. Так у нас захаваліся толькі здымкі Ядвігі і яе дома. Будынку яе брата пашанцавала нашмат болей. Наступная выбітная шляхцянка якраз жыла побач з Чырвоным касцёлам.
Tour guide