Даходныя дамы не былі нечым выбітным для Менска пачатка 20 стагоддзя, але сёння іх засталося не так шмат. І тым больш дзіўна, што ні на водным з іх мы так і не ўбачылі ніводнай шыльды, якая б сведчыла пра іх жыхароў. Так і на доме Амбрапольскага не знайсці шыльду, прысвечаную Магдалене Радзівіл у дзявоцтве Завішы. Дзіўна, бо менавіта тут яна арандавала сем пакояў першага паверха. І менавіта гэтай жанчыне мы абавязаны з’яўленнем адзінага пры жыцці выдання кнігі Максіма Багдановіча «Вянок». Так, гэта герб яе дома «Лебедзь» увекавечаны на фарзацы. Акрамя гэтай кнігі, яна таксама фінансавала кансерватыўную газету «Bielarus», якая стварала канкурэнцыю знакамітай «Нашай ніве». Магдалена атаесамляла сябе як беларуску. Гэта нам сёння здаецца натуральным і не вартым падкрэсліванняў, але на мяжы стагоддзяў ішлі сапраўдныя дэбаты, асабліва ў шляхетных колах, наконт нацыянальнай самасвядомасці. Для Магдалены гэтае пытанне было ясным, бо з дзяцінства ад бацькі яна ведала, хто мы ёсць, і ганарылася гэтым. Таму яна адкрывала беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях, фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, якое выдала і першую Кнігу Канстанцыі Буйло. А яшчэ кнігі Ядвігіна Ш., невядомага яшчэ Якуба Коласа… Цэлую серыю зборнікаў. А акрамя асветніцкай дзейнасці, яшчэ падтрымлівала таварыствы цвярозасці, дапамогі сем’ям ніжэйшых чыноў, шпіталі, плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам Пецярбургу, апекавалася над тамтэйшай беларускай бібліятэкай і, хто яго ведае, колькі яшчэ добрых спраў зрабіла ў жыцці… Калі мы ўзгадваем падзеі мінуўшчыны, як часта мы забываемся на тое, што людзі таленавітыя, магчыма б ніколі не сталі вядомымі, ніколі палітычныя рухі не сталі б маштабнымі, калі б у свой час іх не падтрымалі мецэнаты. Адной з такіх была і графіня Марыя-Магдалена Янаўна-Крыштафаўна-Самуэлеўна-Казіміраўна Завіша-Кезгайла-Радзівіл, адна з волатаў беларускага нацыянальнага адраджэння. І, нягледзячы на свой пакручасты асабісты лёс і эміграцыю пасля 1918 года, Марыя Магдалена думкамі заўжды была з Беларуссю і дапамагала кожнаму, хто да яе звяртаўся, дапамагала, чым магла, да апошняга. А амаль праз стагоддзе вярнулася на родную зямлю. Сёння яе прах перапахаваны на Залатой горцы ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы. У 1918 годзе Марыя Магдалена горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Шлях да незалежнасці доўгі і няпросты. Шмат жанчынаў прыняло ўдзел у гэтым. А некаторыя нават страчвалі волю з-за Бацькаўшчыны.
Tour guide