У гэтым доме жыла Стэфанія Міхайлаўна Станюта, выбітная актрыса, народная артыстка БССР і СССР, сімвал Купалаўскага тэатру, у якім грала з 1931 да самага канца ў 2000г. Свае першыя ролі яна грала там, дзе мы і пачалі наш шпацыр — у «Беларускай хатцы». Яна грала не толькі ў драматычных спектаклях, але і танцавала ў харэаграфічнай трупе беларускія народныя танцы, выступала ў канцэртах з дэкламацыяй.. І нават некалькі хібаў падчас першых дэбютаў не адвярнулі яе ад вялікай сцэны. Але, як узгадвалі купалаўцы, нават праз дзясяткі год пасля першых выступаў, Стэфанія перажывала перад кожным выхадам на сцэну. Стэфанія Міхайлаўна на ўласныя вочы пабачыла перапэтыі нашага горада і Беларусі: ад царскіх часоў, праз некалькі акупацый і войн, савецкі час і да незалежнасці. У сабе яна ўвасобіла і гарадскую, і сялянскую душу нашай краіны, была сведкай таго, як змяняўся горад і тое, што раней было садамі змянялася на пляцы, як конку замянілі аўтамабілі, а драўляныя хаткі саступалі праспектам. Кажуць, у старасці кожны мае тое аблічча, якое заслужыў сваім жыццём. Гледзячы на Стэфанію Міхайлаўну, чый пік кар’еры, прынамсі ў кіно, прыпаў на другую палову жыцця, бачна, што сваё яна пражыла годна. Сапраўдная мінчанка, смелая, абаяльная, інтэлігентная. Усе, хто сутыкаўся са Стэфаніяй Станютай, адзначалі цеплыню, якая сыходзіла ад яе як промні сонца. Яна вучыла любіць жыццё і не баяцца старэць. Бо няма старасці там, дзе гаспадарыць маладосць сэрца і душы. Як і няма безнадзеі там, дзе ёсць упэўненасць у тым, што ўсё, што ты робіш, правільна. І дзякуй нашым нескароным папярэдніцам за тое, што паказвалі годнасць гэтага шляху сваім жыццёвым прыкладам. Пачытаць успаміны пра Стэфанію Станюту, запісаныя яе сынам, можна ў кніжцы "Стэфанія" тут: https://royallib.com/read/stanyuta_alyaksandr/stefanya.html#0
Tour guide